Медыяцыя
- Медыяцыя
- Медыяцыя ў Рэспубліцы Беларусь
- Перавагі медыяцыі
- Пагадненне аб прымяненні медыяцыі
Медыяцыя — гэта спосаб вырашэння спрэчак шляхам перамоваў паміж канфліктуючымі бакамі пры ўдзеле пасрэдніка-медыятара. Медыяцыя дазваляе бакам урэгуляваць рознагалоссі, ня звяртаючыся ў суд.
Асноватворныя прынцыпы медыяцыі:
- Добраахвотнасць. Медыяцыя – добраахвотны працэс, заснаваны на імкненні бакоў дасягнуць сумленнага і справядлівага пагаднення. Ніводны бок нельга прымусіць да ўдзелу ў медыяцыі. Медыяцыйнае пагадненне падлягае выкананню на аснове прынцыпаў добраахвотнасці і добрасумленнасці бакоў.
- Канфідэнцыяльнасць. Яна залежыць ад абставін медыяцыі і пагаднення, да якога прыйдуць бакі. Медыятар не павінен выдаваць ход і вынікі медыяцыі, калі гэтага не дазволілі бакі ці не патрабуе закон.
- Супрацоўніцтва і раўнапраўе бакоў. Бакі раўнапраўныя. Ніводны з іх не мае працэдурных пераваг. Ім даецца аднолькавае права выказваць свае меркаванні, ацэньваць прымальнасць прапаноў і ўмоў пагаднення. Бакі роўныя і спадзяюцца знайсці рашэнне, якое будзе выгадна для іх абодвух.
- Бесстароннасць і незалежнасць медыятара. Медыятар павінен праводзіць медыяцыю, застаючыся бесстароннім і справядлівым. Калі ж ён няздольны праводзіць працэс бесстаронна, ён абавязаны спыніць медыяцыю. Якасць працэсу медыяцыі павышаецца, калі ў бакоў ёсць упэўненасць у бесстароннасці медыятара.
Медыяцыя з’яўляецца эфектыўным метадам урэгулявання любых спрэчак, нязгод і канфліктаў. Яна дае магчымасць зрабіць гэта мірна і псіхалагічна камфортна. Гэта – законная працэдура, якая прызнаецца дзяржавай і судамі.
Закон Рэспублікі Беларусь «Аб медыяцыі» рэгулюе такія пытанні, як сфера прымянення медыяцыі, патрабаванні да медыятараў, парадак правядзення медыяцыі і г. д. Законам замацавана права звярнуцца да медыяцыі як да суда, так і на любой стадыі судовага разбору. Законам прадугледжана вядзенне Рэестра медыятараў, у які ўваходзяць спецыяльна навучаныя асобы, якія маюць пасведчанне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб медыяцыі» яна прымяняецца для вырашэння спрэчак (рознагалоссяў, канфліктаў) у наступных сферах:
- Камерцыйныя спрэчкі — аб заключэнні, змяненні, скасаванні дамоваў, у сувязі з выкананнем дамоваў куплі–продажу, пастаўкі, арэнды, аказання паслуг, падраду, перавозкі і інш.
Даведачна: у гаспадарчых (эканамічных) судах з 2009 года па сучасны момант з дапамогай судовай медыяцыі (прымірэнчай працэдуры) завяршаецца ад 30 % да 50 % спраў іскавога вядзення.
- Працоўныя канфлікты — паміж работнікам і наймальнікам з нагоды аплаты, умоў працы, выплат кампенсацый, бяспекі працы і г. д.
- Карпаратыўныя канфлікты — паміж уласнікамі, акцыянерамі (удзельнікамі), мэнэджментам адной (унутрыкарпаратыўныя канфлікты) альбо некалькіх (міжкарпаратыўныя канфлікты) арганізацый.
- Любыя грамадзянска–прававыя спрэчкі — у сферы інтэлектуальнай уласнасці (аўтарскае права, таварныя знакі, фірмовыя найменні), у дачыненні да нерухомасці, нематэрыяльных дабротаў (абарона гонару, годнасці, дзелавой рэпутацыі), атрымання ў спадчыну і г. д.
- Сямейныя канфлікты — паміж мужам і жонкай з нагоды скасавання шлюбу, падзелу маёмасці, выхавання дзяцей і інш.
- Не забараняецца правядзенне медыяцыі ў іншых сферах (у тым ліку крымінальнай) пры выкананні такога крытэрыю, як дапушчальнасць прымірэння бакоў канфлікту.
Медыяцыя асабліва эфектыўная ў выпадках, калі ўзнікаюць цяжкасці з выкананнем абавязацельстваў, у тым ліку з аплатай доўгу. Яна дазваляе з дапамогай нейтральнага медыятара адшукаць разнастайныя рэальныя варыянты, не звязаныя з выканаўчым вядзеннем, якія задаволяць бакі спрэчкі аднаразовай аплатай доўгу. Вынікамі медыяцыі могуць быць умовы аб устанаўленні адтэрміноўкі, растэрміноўкі, змене спосабу выканання абавязацельстваў, узаемазалікі, уступка патрабаванняў, перавод доўгу, выкарыстанне дэбіторскай запазычанасці, заключэнне новых гаспадарчых дамоваў і да т. п.
Вам можа спатрэбіцца:
Перавагі медыяцыі заключаюцца ў хуткасці і нефармальным характары ўрэгулявання спрэчкі. Рашэнне можа ахопліваць мноства аспектаў адносінаў, не абмежавана іскавымі патрабаваннямі, як гэта бывае пры судовым разборы.
Бакі самі распрацоўваюць прымальныя для сябе індывідуальныя спосабы ўрэгулявання, таму выбіраюць самыя рэалістычныя ўмовы выканання.
Бакі спрэчкі надзелены правам выбару канкрэтнага медыятара, часу і месца правядзення медыяцыі, ім ніхто не можа навязаць свае ўмовы.
Ва ўсіх выпадках гэтая працэдура з’яўляецца добраахвотнай, даступнай, зразумелай, камфортнай і не выклікае сумненняў у аб’ектыўнасці, што забяспечваецца медыятарам – нейтральнай, бесстаронняй і незалежнай у дачыненні да канфлікту асобай, якая прайшла спецыяльную падрыхтоўку.
Медыяцыя дазваляе пазбегнуць выдаткаў на аплату дзяржаўнай пошліны (арбітражнага збору) і іншых выдаткаў, паколькі няма неабходнасці назначаць экспертызы, наймаць адвакатаў, выклікаць спецыялістаў, сведак, прыцягваць сваіх шматлікіх супрацоўнікаў, здзяйсняць любыя працэсуальныя дзеянні.
У той жа час, пры жаданні бакоў, ва ўрэгуляванні спрэчкі могуць удзельнічаць не толькі юрысты, але і любыя спецыялісты, знаёмыя з эканомікай і тэхналогіяй біржавога і фондавага рынку, гандлёвых кірмашоў, іншымі асаблівасцямі арганізацыі гандлю.
Выдаткі бакоў складаюцца толькі з узнагароджання медыятара, памер якога і спосаб аплаты вызначаюцца пагадненнем з ім.
Медыяцыя і медыятар незалежныя, ніхто не мае права кантраляваць ход і вынік працэдуры. Працэдура з’яўляецца канфідэнцыяльнай. Пазбяганне агалоскі праблем бакоў захоўвае іх аўтарытэт у дзелавых колах.
Медыяцыя – гэта магчымасць пазбегнуць бюракратычных затрымак, судовых спраў, звязаных з гэтым выдаткаў і знайсці найменш траўматычны і найбольш хуткі спосаб выканання абавязацельстваў,зменшыць выдаткі і рызыкі (часовыя, матэрыяльныя, рэпутацыйныя), дамовіцца аб будучых адносінах. Да плюсаў медыяцыі адносяць захаванне партнёрскіх адносінаў.
Імавернасць невыканання дасягнутага медыяцыйнага пагаднення ў параўнанні з судовым (арбітражным) рашэннем надзвычай малая, паколькі бакі самі з’яўляюцца яго «аўтарамі». На практыцы такія пагадненні выконваюцца добраахвотна ў 90 % выпадкаў. Разам з тым, у найгоршым выпадку, медыяцыйныя пагадненні, заключаныя з удзелам медыятара, у выпадку невыканання іх бакамі добраахвотна, могуць выконвацца ў парадку, устаноўленым Гаспадарчым працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.
Падаем рэкамендуемы ўзор Пагаднення аб прымяненні медыяцыі, якое заключаюць бакі спрэчкі.
Узор можна спампаваць тут.