Час працы кантакт-цэнтра:
пн. - чц.: з 9:00 да 18:00
пт.: з 9:00 да 16:45
сб. - нд.: выхадныя
Мабільнае прыкладанне БУТБ
Сацыяльныя сеткі
Шрыфт
Памер шрыфта
Інтэрвал
Колеравая схема

Біржавы задатак

У мэтах безумоўнага i своечасовага выканання абавязацельстваў па біржавых здзелках удзельнікі біржавога гандлю могуць выкарыстоўваць спосабы забеспячэння, якія гарантуюць безумоўнае выкананне сваіх абавязацельстваў у поўным аб’ёме, напрыклад:

  • грашовыя сродкі (біржавы задатак) у парадку і памеры, устаноўленых біржай;
  • гарантыю банка;
  • дакументарны акрэдытыў;
  • факторынг;
  • дакументарнае інкаса;
  • страхавое пасведчанне, а таксама – са згоды біржы – іншыя спосабы.

На практыцы звычайна выкарыстоўваецца біржавы задатак – грашовая сума, якая даецца ўдзельнікам біржавога гандлю біржы і дэпануецца на яе субрахунку ў якасці забеспячэння выканання абавязацельстваў па біржавых здзелках (дамовах) і дамове на біржавое абслугоўванне. Ён істотна адрозніваецца ад прынятага ў грамадзянскім заканадаўстве задатку (грашовая сума, якая пералічваецца пакупніком прадаўцу ў кошт грашовых абавязацельстваў пакупніка) і фактычна ўяўляе сабой грашовую суму, якая ўносіцца на рахунак трэцяга боку як забеспячэнне выканання бокам сваіх абавязацельстваў і страта якой за невыкананне істотная для яго. Гэта робіць біржавы задатак мерай універсальнай, паколькі змушае да выканання сваіх абавязацельстваў любы бок (і пакупніка, і прадаўца).

Біржавым задаткам забяспечваецца выкананне наступных абавязацельстваў удзельніка біржавога гандлю:

  • афармленне і рэгістрацыя на біржы біржавой дамовы ў парадку i тэрмiны, устаноўленыя рэгламентамі біржавых таргоў па гандлёвых секцыях;
  • падпісанне і падача на біржу рэестра здзелак удзельніка біржавога гандлю ў парадку і тэрміны, устаноўленыя біржай;
  • аплата біржавога збору па праведзенай біржавой здзелцы ў тэрміны і парадку, устаноўленыя дамовай на біржавое абслугоўванне;
  • абавязацельстваў, прадугледжаных біржавой здзелкай (дамовай), і (альбо) забеспячэнне біржавым брокерам выканання названых абавязацельстваў кліентам, у інтарэсах якога здзейснена біржавая здзелка;
  • іншых абавязацельстваў у адпаведнасці з дамовай на біржавое абслугоўванне.

Стаўкі біржавога задатку і яго мінімальныя памеры вызначаюцца біржай у залежнасці ад групавой прыналежнасці біржавога тавару. Памер біржавога задатку можа вызначацца:

  • у працэнтных адносінах ад агульнага кошту біржавога тавару (з ПДВ), заяўленага на куплю (продаж);
  • шляхам множання стаўкі біржавога задатку на колькасць біржавога тавару, заяўленага на куплю (продаж);
  • у фіксаваным памеры;
  • іншымі спосабамі, устаноўленымі біржай.

З 23.02.2015 біржа можа дапускаць удзельніка біржавога гандлю да біржавых таргоў пры прадастаўленні біржавога задатку, дастатковага для забеспячэння выканання абавязацельстваў па аплаце біржавога збору па праведзенай біржавой здзелцы (для рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь – 10 базавых велічынь, для нерэзідэнтаў – 450 EUR / 500 USD / 30 000 RUB / 1 000 BYN).

Парадак прадастаўлення біржавога задатку рэгулюецца Палажэннем аб прадастаўленні ўдзельнікам біржавога гандлю біржавога задатку ў якасці спосабу забеспячэння выканання абавязацельстваў па біржавых здзелках (дамовах) і дамове на біржавое абслугоўванне.

Разблакіраванне біржавога задатку

Выкананне ўдзельнікам біржавога гандлю сваіх абавязацельстваў па біржавых дамовах і дамове на біржавое абслугоўванне азначае, што грашовыя сродкі, якія знаходзяцца на субрахунку біржы (заблакіраваны біржавы задатак), унесеныя ім раней у якасці забеспячэння выканання гэтых абавязацельстваў, цяпер могуць быць разблакіраваны і выкарыстаны ім у рамках, абумоўленых нарматыўнымі дакументамі біржы (гл. «Выкарыстанне біржавога задатку»).

Удзельнік біржавога гандлю – наведвальнік таргоў (біржавы брокер у дачыненні да яго кліента) абавязаны прадаставіць біржы дакументы, якія пацвярджаюць выкананне абавязацельстваў па біржавых здзелках (дамовах), не пазней за 7 (сем) каляндарных дзён пасля заканчэння ўстаноўленага біржавой дамовай тэрмiну выканання абавязацельстваў па біржавой здзелцы.

Дадзеная функцыя рэалізаваная ў раздзеле «Кантроль выканання» персанальнага раздзела ўдзельніка біржавога гандлю і даступная для біржавых дамоваў (здзелак), зарэгістраваных з 21.10.2019.

Па дамовах, зарэгістраваных раней, удзельніку біржавога гандлю неабходна накіраваць электронныя копіі дакументаў аб выкананнi абавязацельстваў на адпаведныя адрасы электроннай пошты гандлёвых секцый:

Арыгіналы дакументаў не патрабуюцца.

Пры неабходнасці біржа мае права запатрабаваць ад удзельнікаў біржавога гандлю іншыя дакументы, якія пацвярджаюць выкананне абавязацельстваў па біржавых здзелках, праведзеных з прадастаўленнем забеспячэння. Да разгляду не прымаюцца дакументы, у якіх не адлюстраваны поўны аб'ём выкананых абавязацельстваў. Гэта ж тычыцца дакументаў, аформленых неналежным чынам.

Калі біржавая дамова ўключае ў сябе некалькі біржавых здзелак, то біржавы задатак можа быць разблакіраваны па меры выканання абавязацельстваў па кожнай біржавой здзелцы ў асобнасці.

На працягу 3 (трох) працоўных дзён пасля паступлення такіх дакументаў біржавы задатак разблакіроўваецца і становіцца свабодным. Інфармацыя пра памер свабоднага і заблакіраванага біржавога задатку размяшчаецца ў Персанальным раздзеле ўдзельніка біржавога гандлю.

Выкарыстанне біржавога задатку

Біржавы задатак у памеры, вызначаным параметрамі меркаванай біржавой здзелкі, пералічваецца ўдзельнікам біржавога гандлю на субрахунак біржы на падставе Пагаднення аб задатку, якое з’яўляецца дадаткам да дамовы на біржавое абслугоўванне. Ён павінен паступіць на рахунак не пазней чым за 2 (два) працоўныя дні да дня гандлёвай сесіі. Рэквізіты субрахункаў з дыферэнцыяцыяй па валютах для рэзідэнтаў і нерэзідэнтаў прыведзены тут.

Да моманту здзяйснення біржавой здзелкі біржавы задатак удзельніка біржавога гандлю лічыцца свабодным. Па сутнасці, свабодны біржавы задатак – гэта грашовая сума, якая знаходзіцца на рахунку біржы і якой удзельнік біржавога гандлю мае права распараджацца.

Свабодны біржавы задатак можа быць выкарыстаны наступным чынам:

  • вернуты ўдзельніку біржавога гандлю. Пасля гэтага біржавы задатак не можа служыць падставай для допуску да біржавых таргоў (п. 7.1 Нарматыўных дакументаў біржы);
  • для правядзення разлікаў па дамове на біржавое абслугоўванне;
  • для правядзення разлікаў па біржавых дамовах (п. 7.1 Нарматыўных дакументаў біржы);
  • можа быць улічаны пры допуску ўдзельніка біржавога гандлю да наступнай гандлёвай сесіі.

Удзельнік біржавога гандлю мае права здзяйсняць біржавыя здзелкі ў межах сумы, забяспечанай свабодным біржавым задаткам. Напрыклад: пры наяўнасці 500 BYN свабоднага біржавога задатку па секцыі металапрадукцыі здзелка можа быць здзейсненая на суму не больш за 10 000 BYN. Біржавая здзелка, якая праводзіцца з перавышэннем устаноўленага ліміту, біржай не фіксуецца.

Пры выкананні гэтай умовы адпаведная сума свабоднага біржавога задатку блакіруецца на субрахунку біржы да моманту поўнага выканання абавязацельстваў, забяспечаных гэтым біржавым задаткам. Свабодны біржавы задатак становіцца заблакіраваным біржавым задаткам. Цяпер ён з’яўляецца забеспячэннем выканання абавязацельстваў, а ўдзельнік біржавога гандлю, які яго падаў, не мае права распараджацца ім да поўнага выканання сваіх абавязацельстваў па біржавой дамове і дамове на біржавое абслугоўванне.

У выпадку невыканання ўдзельнікам біржавога гандлю альбо кліентам біржавога брокера абавязацельстваў, забяспечаных біржавым задаткам, біржа мае права распачаць наступныя дзеянні:

  • накіраваць сродкі біржавога задатку на пагашэнне запазычанасці па аплаце біржавога збору;
  • пералічыць біржавы задатак пацярпеламу боку па біржавой дамове;
  • утрымаць біржавы задатак на карысць біржы ў якасці меры ўздзеяння за парушэнне Правілаў біржавога гандлю.

Пасля атрымання біржай дакументальнага пацверджання выканання ўдзельнікам біржавога гандлю альбо яго кліентам абавязацельстваў па біржавой здзелцы (дамове) адпаведны біржавы задатак разблакіроўваецца і зноў становіцца свабодным.

Разблакіраванне біржавога задатку па секцыі перспектыўных біржавых тавараў

Для разблакіравання біржавога задатку па секцыі перспектыўных біржавых тавараў (тавар – друз на экспарт) ўдзельніку біржавога гандлю неабходна размясціць сканаваныя дакументы ў персанальным раздзеле сайта біржы:

  • плацежны дакумент, які пацвярджае аплату грашовых сродкаў у поўным аб'ёме, з абавязковым указаннем нумара і даты біржавога дагавора (з адзнакай аб правядзенні плацяжу);
  • таварна-транспартныя накладныя з адзнакай пакупніка аб атрыманні тавару;
  • копіі чыгуначных накладных (ПМГЗ).

Прадавец (пакупнік) мае права з дапамогай функцыяналу персанальнага раздзела сайта БУТБ накіраваць біржы апавяшчэнне аб выкананнi абавязацельстваў контрагентам. У такім выпадку прадастаўленне контрагентам вышэйпералічаных дакументаў не патрабуецца.